На фестывалі YA (Я) fest 24 мая 2023 года адбылася прэм’ера новага спектакля для дзяцей на беларускай мове ад Тэатра Дом Сонца
«Дзівосныя» — спектакль паводле кнігі Надзеі Кім «Кразі — чырвоны кракадзільчык».
Рэж. — Галіна Савельева, тэатр лялек, святла і ценяў » Дом Сонца».
Цудадзейная сумесь сонца, дабрыні і, вядома ж, кракадзілаў.
А яшчэ пэндзлікаў, каўпакоў, мячоў, тупату і рогату.
Пра тых, хто не такі, як астатнія, а таму аўтаматычна дрэнны, незразумелы, дзіўны. Не такі — і кропка. І гэтага Дзівака гоняць, ганьбяць. А ён… застаецца сам- насам са сваім дзівоцтвам, з унікальным адбіткам, адзінствам і адзінотай.
І, падаецца, што весь свет супраць цябе. А потым знаходзіцца Арол Ары ў акулярах, які дрэнна бачыць і таму не здольны высока лётаць, сустракаецца істота з адным рогам, якая не можа бадацца з іншымі, у якіх ёсць цэлых два рогі… І ўсе яны разам прыдумляюць гульні, якія адрозніваюцца ад звычайных. Яны такія ж, як тыя, хто іх прыдумаў і намаляваў у сваім светапоглядзе.
І тады для тых, хто ганьбіў і адмаўляў, яны ужо не дрэнныя, не дзіўныя, а Дзівосныя. І былыя ганіцелі глядзяць і дзівяцца гэтаму свету — разнастайнаму, вялікаму, разнакаляроваму. Цяпер яны не зубастыя кракадзілы, яны — проста дзеці, і ім цікава. А пасярод зялёнага лісця палыхае чырвоная планета, сэрца, якое ахутвае цяплом, жаданнем жыць і дзівіцца ўсім праявам жыцця.
Цішыня. Гараць свечкі на торце. І ўсе запрошаны на свята. Жыцця, прыняцця яго разнакаляровасці. На Дзень народзінаў Чырвонага Кракадзіла. Святкуем разам!
Лейда Муромцева